«Пячора» — раман знакамітага партугальскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1998 года Жазэ Сарамагу (1922–2010). У творы пісьменнік звярнуўся да міфа аб пячоры Платона. На беларускую мову кнігу пераклала Галіна Мітраховіч. Сям’я вясковых ганчароў прадае свой посуд у аграмадным Цэнтры, дзе людзі жывуць, працуюць, наведваюць крамы. Але іх вырабы не патрэбны ў горадзе — посуд перасталі пакупаць. Хутка і ганчары становяцца жыхарамі Цэнтра. Пераезд памяняе жыццё цэлай сям’і. Сарамагу Творчасць пісьменніка злучае ў сабе элементы традыцыйнага еўрапейскага рэалізму і магічнага рэалізму такіх аўтараў-лацінаамерыканцаў, як Габрыель Гарсія Маркес і Марыа Варгас Льёса, а таксама спалучае ў творах багатае барока і мадэрнізм з яго пазбяганнем звычайнай пунктуацыі, як у Хорхе Луіса Борхеса ці Хуліа Картасара. Сарамагу зарэкамендаваў сябе як творчы і іранічны апавядальнік. Песімістычны і сур’ёзны, ясны і элегантны — так, па версіі брытанскай газеты The Independent, можна ахарактарызаваць стыль партугальскага пісьменніка.
Калі бачыў кнігу на паліцы ў краме, думаў што яна пра нейкую пячору, куды чалавек трапіў і не можа адтуль выбрацца. Высветлілаля што яна пра іншае, але я не дужа памыліўся ў сваіх меркаваннях. Спачатку захапіла, спадзяваўся на дынамічнасць, але ўсё разгортваецца павольна. Не проста вызначыць час, калі адбываюцца падзеі. Твор насычаны нечаканымі меркаваннямі пра сям’ю, пра жыццё, будучыню. Зараз актуальна, пра выбар жыць у згодзе з прыродай, з самім сабой, ці карыстацца чалавечымі дасягненнямі і пры гэтым згубіць сябе.