Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні (1979—1983). Удзельнічаў у аб’яднаньні Беларуская Майстроўня. З 1989 па 1994 працаваў мастацкім рэдактарам у часопісе „Бярозка“. З 1997 году зьяўляецца сябрам Беларускага Саюза Дызайнэраў, а з 2011 сябрам яго праўленьня. Cябра Беларускага ПЭН-клюбу ад 2009. Працуе у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і на Беларусі.
Міхал Анемпадыстаў зьяўляецца адным з актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 90-х. Аўтар ідэі і тэкстаў (апроч двух народных) культавага музычнага праекту „Народны альбом“, які выйшаў у 1997 годзе і быў абраны „альбомам году“ („Рок-каранацыя“). Песьні на вершы Міхала Анемпадыстава выконваюцца гуртамі „Новае Неба“, «N.R.M.», «IQ48». Аўтар перакладаў „тэкстаў польскіх гуртоў „Brygada Kryzys“, „Republika“, „Chłopcy z placu broni“, „Perfekt“, а таксама, Марка Грэхуты. У 2006 годзе Міхал Анемпадыстаў быў абраны „Чалавекам году“ па вэрсіі інтэрнэт-парталу „Тузін гітоў“.
Кнігі: „Атэкстацыі“ паэтычны зборнік. Менск, Ковчег 1998. „Narodny Album“ scenariusz (у сааўтарстве з Лявонам Вольскім) Białystok, „Kartki“ 2000. „Narodny Album“ п’еса (у сааўтарстве з Лявонам Вольскім) Minsk, „Medisont“ 2008.