Першая частка кнігі змяшчае першыя этапы гісторыі Вялікага Княства Літоўскага (1248—1341 г.: стварэнне дзяржавы, змаганне за выжыванне, пачатак тэрытарыяльнага росту), якія падаюцца ў еўрапейскім і беларускім гістарычным кантэксце.
Другая ж частка прысвячаецца гаспадаранню дуумвірату Альгерда і Кейстута Гедымінавічаў. Тэкст разлічаны не толькі на гісторыкаў, але і на настаўнікаў, студэнтаў і ўсіх аматараў гісторыі.
Калі агулам ацэньваць гаспадаранне ў Вялікім Княстве Літоўскім дуумвірату Альгерда і Кейстута Гедымінавічаў, бачым суцэльныя поспехі, якія толькі зрэдчас перарываюцца тактычнымі паразамі. Альгерд і Кейстут амаль цалкам закончылі аб’яднанне беларускіх земляў (за выключэннем часткі Смаленшчыны), далучылі да сваёй дзяржавы большасць Украіны і некаторыя землі Паўночна-Усходняй Русі. Адсюль вынікае лагічная выснова пра паспяховае і пераможнае кіраванне цягам доўгага перыяду тэрытарыяльнага росту ВКЛ (1316—1422 гг.).
Але калі прыгледзецца бліжэй ды прасачыць хаду падзеяў год за годам, крок з крокам, дык становіцца відавочным, што гэтыя поспехі дасягаліся неймавернымі высілкамі, дзяржава пастаянна балансавала на мяжы перамогі і паразы, усё было крохка і няпэўна, шмат залежала ад зменлівых знешніх абставінаў і ад асабістых якасцяў манархаў. І так было не толькі ў Вялікім Княстве, але і ва ўсёй сярэднявечнай Еўропе.
Нарадзіўся 13 верасня 1958 г. на Гарадзеншчыне ў вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна ў сям’і настаўніцы і селяніна. Пасля заканчэння васьмігодкі ў 1973 г. паступіў у Гарадзенскі тэхнікум фізічнай культуры, вучоба ў якім планавалася як першы этап падрыхтоўкі да кар’еры ваеннага марака. Аднак пасля заканчэння тэхнікума планы памяняліся. Дыплом з адзнакай дапамог паступіць на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Падчас навучання ва ўніверсітэце (1976—1981 гг.) сфармаваліся навуковыя інтарэсы — цікавасць да археалогіі і гісторыі сярэднявечнай Беларусі, — а таксама грамадская пазіцыя, менавіта, удзел у працы на беларускае культурнае адраджэнне. І тое і другое адбывалася пад непасрэдным уплывам вядомага археолага і палітыка Алега Трусава, які стаў для студэнта з правінцыі настаўнікам у навуцы і жыцці. Дзякуючы Алегу Трусаву адбылося свядомае вяртанне да беларускай мовы і культуры пасля перапынку, выкліканага пераездам па заканчэнні вясковай беларускай школы ў русіфікаваны горад.
У час летніх вакацый выязджаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада на будаўніцтва 4–га калійнага завода ў Салігорску (1978 г.), а пазней (1979, 1980 г.) на будоўлю Байкала–Амурскай магістралі (Якуція). Ад 1980 г. Пачаўся актыўны ўдзел у археалагічных экспедыцыях Беларускага рэстаўрацыйна–праектнага інстытута (кіраўнік Алег Трусаў). Гэтыя экспедыцыі, якія цягнуліся па чатыры–пяць месяцаў ад вясны да восені, сталі для некалькіх сотняў студэнтаў розных беларускіх вучэльняў не толькі добрай археалагічнай практыкай, але адначасова школай беларускасці і месцам адпачынку ад савецкага таталітарызму і будзённай шэрасці канцавога перыяду брэжнеўскай эпохі.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1981 г., дзякуючы дыплому з адзнакай, з’явілася магчымасць паступлення ў аспірантуру без неабходнага ў такіх выпадках двухгадовага працоўнага стажу.
Навучанне ў аспірантуры (1981—1984 гг.) Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве стала выдатнай (найлепшай з усіх!) прафесійнай школай, дзякуючы беспасрэдным кантактам са многімі вядомымі вучонымі: Леанідам Аляксеевым, Святланай Плятнёвай, Валянцінам Сядовым, Расціславам Разенфельдам, Даротай Беленькай. Падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі “Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV — XVII стст. (планіроўка, культурны слой)” кіраваў акадэмік Барыс Рыбакоў (абарона адбылася ў тым жа Інстытуце ў сакавіку 1988 г.). Пасля заканчэння аспірантуры пачалася праца: у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі (1985—1987 гг.), потым у Беларускім рэстаўрацыйна–праектным інстытуце (начальнік аддзела архітэктурна–археалагічных даследаванняў, 1987—1990 гг.), у архітэктурна–рэстаўрацыйным кааператыве “Арк” (загадчык аддзела археалогіі, 1991—1993 гг.), на пасадзе намесніка старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка–культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэта (1994—1995 гг.). Увесь гэты час займаўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кніг.
У сакавіку 1995 г. па прычыне змены палітычнай сітуацыі ў краіне пакінуў пасаду прарэктара і паступіў у дактарантуру БДУ (1995—1998 гг.). У 1996 г. перарваў навучанне ў дактарантуры ў сувязі з навуковай стажыроўкай у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (люты 1996 — травень 1997 г., кіраўнік — прафесар Ежы Выразумскі). За час гэтай стажыроўкі быў падрыхтаваны асноўны тэкст доктарскай дысертацыі “Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове XIII — пачатку XIV ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах” (манаграфія “Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага”). Абарона дысертацыі адбылася 4 снежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
З 1999 г. пачаліся рэгулярныя выклады ў польскіх вышэйшых вучэльнях. У 2001 г. абраны старшынёй выканкама Рады Беларускага гістарычнага таварыства. Ад 1998 г. рэдагаванне ў Гародні навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса “Гістарычны Альманах”.
Ад лютага 2005 г. сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.