Не магу ўспомніць, чаму я калісьці купіў гэтую кнігу. Можа фільм здымалі? А можа хто і параіў...
Мне спадабалася, што Людміла Рублеўская пераносіць нас на канец 18-га стагоддзя. Яна і сама кажа, што ёй самой цікавы гэты перыяд. А ці шмат мы можам успомніць беларускай літаратуры пра гэты час? Калі яшчэ ёсць Рэч паспалітая, але і Расійская імперыя ўжо ля мяжы стаіць са зброяй. Малады вучань Пранціш Вырвіч едзе дадому з калегіюма, з якога быў адлічаны. На шчасце ці на бяду яму трапілася карэта з нейкім панам, які прадаў Вырвічу слугу за дробязь. Слуга - доктар навук Баўтрамей Лёднік, які сапсаваў сваё жыццё цягай да алхіміі, таму адукаваны інтелігент з двумя дыпломамі вымушаны рабіць тое, што яму скажа гаспадар. І вось гэтае знаёмства змяніла жыццё і аднаго і другога. Усё навокал закруцілася як карусель. І спроба зарабіць грошы на лячэнні ў карчме, і знаёмства з прыгожай паненкай, і таямнічае пісьмо да Сапегаў, і набліжаючаяся вайна паміж Сапгеамі і Радзівіламі, і выратаванне каханкі Лёдніка і г.д. Няма ніводнай хвілінкі, каб адпачыць. То весялішся на свяце, то плачаш у турме.
Пранціш - малады хлопец, які хоча, каб яго паважалі, бо ён - шляхціч. Хоць і бацька небагаты. Рэзкі, бязглузды крыху, спачатку робіць, потым думае.
Лёднік - выхаваны, мудры, добры, але разумее, што яго шлях пайшоў некуды не туды і цяпер ён як сабака на ланцугу.
Мова крышачку складаная, да самага канца так і не прывык да яе, чытаў уважліва, каб не прапусціць важнае. З кнігі можна даведацца, як жылі у тыя часы, аўтарка пастаралася дакладна перадаць быт мінулага. Шмат гумара. Гэта ўсё мне вельмі спадабалася. Але я не вельмі люблю авантурныя раманы, дзе ўсё хутка мяняецца, і героі трапляюць з адной пасткі ў другую. У кагосьці гэтых прыгод хопіць на ўсё жыццё, а тут толькі першая частка цыкла. Амаль за тыдзень ці некалькі героі нават не прыселі, каб адпачыць ад прыгод. Каму такая літаратура падабаецца - вельмі раю.
Мне крышачку зашмат прыгод, спыніце карусель, я саскочу=)
7/10.