Леанід Дайнека — аўтар шырокавядомых гістарычных раманаў “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”. У новым рамане “Назаві сына Канстанцінам” ён не здраджвае гістарычнай тэматыцы. Чытач перанясецца ў XV—XVI ст., у Рым, у Вялікае Княства Літоўскае, у Канстанцінопаль, які штурмуюць туркі-асманы. Заключныя сцэны рамана — славутая Аршанская бітва 8 верасня 1514 года, у якой гетман Канстанцін Астрожскі разграміў войска вялікага маскоўскага князя.
Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 адказны сакратар часопіса «Маладосць». З 1989 у выдавецтве «Мастацкая літаратура». З 1993 займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, заснаваў фірмы «Пасад» і «БелПі». Дэбютаваў у друку ў 1961 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985) — лейтматывы твораў: услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі. Некаторыя вершы Л. Дайнекі пакладзены на музыку. Таксама аўтар зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Аўтар раманнай дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979), якая раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1917—1919; рамана «Футбол на замініраванным полі» (1987), дзе асэнсоўвае тэму горада; фантастычнага рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Вядомы як адзін з лепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў. Аўтар раманаў «Меч князя Вячкі» (1987) пра барацьбу Полацка з немцамі ў Ніжнім Падзвінні ў 13 ст., «След ваўкалака» (1988) пра полацкага князя Усяслава Брачыславіча, «Жалезныя жалуды» (1990) пра ранні этап станаўлення Вялікага Княства Літоўскага;. У 2008 годзе выйшаў раман «Назаві сына Канстанцінам», дзеянне ў якім адбываецца ў XV-XVI ст. у Рыме, ВКЛ і Канстанцінопалі.