Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўраду. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць…
Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012). Асобныя тэксты друкаваліся ў ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Македоніі, Сербіі, Украіне, Літве.
Лаўрэат літаратурных прэмій:
- штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1993), - часопіса «Крыніца» (1995), - Беларускага гуманітарнага цэнтра (1997), - Беларускага ПЭН-цэнтра (Прэмія імя Алеся Адамовіча) (2001), - «Гліняны Вялес» (2007), - «Залатая літара» (2012). - Ежы Гедройца (2023)