Нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у Воршы ў сям'і інтэлегентаў. У час Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласьці, пасьля ў Арэнбургу. У 1944 вярнуўся ў Воршу, атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1949—1954 гг. вучыўся на філалягічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. Настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954—1956), у Воршы (1956—1958). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы(1960), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у Маскве. З 1962 г. жыў у Менску. Уваходзіў у Саюз пісьменьнікаў СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1983) за раман „Нельга забыць“ („Леаніды не вернуцца да Зямлі“), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984, пасьмяротна) за раман „Чорны замак Альшанскі“.
Раман зацікавіў, але пакінуў пасля сябе адчуванне глыбокага непаразумення — як у паводзінах цэнтральных герояў, так і ў тым, што хацеў перадаць аўтар.
Асабліва спадабаліся маляўнічыя замалёўкі Далёкага Усходу. Было сапраўды цікава даведацца пра прыроду гэтых краёў: раслінны і жывёльны свет, геалагічныя асаблівасці, а таксама аблічча саміх ландшафтаў. Падчас праслухоўвання лёгка ўяўляюцца шырокія прасторы, іх дзікая прыгажосць і нават клімат. Удала выпісаныя і другарадныя персанажы, якія дадаюць каларыту аповеду. Напрыклад, таварыш галоўнага героя — адданы і адважны яхтсмен, які гатовы дапамагчы ў любой сітуацыі. Ці ўкраінец Непіпіва, харызматычны капітан рыбалоўнага судна. Апісанні іх дзейнасці насычаны дэталямі, што робіць эпізоды жывымі і запамінальнымі. Асобна адзначу сцэны прамысловага вылаўлівання рыбы — яны выглядаюць вельмі дакладна і інфарматыўна. Шчыра ўразіла, наколькі маштабна была арганізаваная праца навуковага лагера.
Падзеі разгортваюцца імкліва: першае знаёмства, трапленне на выспу, сутыкненне з небяспекай у выглядзе драпежніка, выбуховае каханне — усё падаецца з рытмам і драматычнасцю, быццам кінасцэны. Але не ўсё выглядае натуральна. Так, лінія з ядзернай тэмай — пакутлівыя разважанні героя, звязаныя з яго ўдзелам у сакрэтных распрацоўках, штодзённыя кашмары, страта таварыша праз вынікі навуковых эксперыментаў — сведчаць пра балючую для аўтара тэму. І ўсё ж такі гэтая ўстаўка адчуваецца некалькі чужароднай для асноўнай плыні сюжэту. Магчыма, Караткевіч, сам таго не ведаючы, прадчуваў Чарнобыльскую катастрофу, якая здарыцца праз два дзесяцігоддзі. Агульны настрой твора — тонкая туга, што амаль незаўважна суправаджае чытача на працягу ўсяго аповеду.
Але сапраўдны эмацыйны ўдар — у фінале. Каханне, якое прагучала моцна і пранікнёна, раптам абрываецца рашэннем гераіні пакінуць каханага, нягледзячы на цяжарнасць. Маўляў, такога пачуцця ўжо не будзе — дык навошта працягваць? Магчыма, і не будзе, але ж жыццё складанае і багатае на магчымасці. Такая самаадрачоная адмова ад будучыні выглядае недарэчна і балюча. Не менш дзіўнай здаецца рэакцыя самога героя: даведаўшыся праўду з ліста, ён спакойна прымае сітуацыю — маўляў, усё нармальна, яшчэ ўбачымся. Гэты спакой пасля падзеяў, якія адбываліся раней, выклікае непаразуменне. Мне так і не ўдалося зразумець унутраную логіку іх паводзін.
Раман я б ацаніў на 4 з 5. Гэта сапраўды добры лірычна-прыгодніцкі твор з глыбокім апісаннем прыроды, цікавымі другараднымі героямі і імклівым сюжэтам. Аднак матывацыя галоўных дзеючых асобаў, асабліва ў фінале, пакідае шмат пытанняў. Савецкая ядзерная праграма, як бачна з кантэксту, у надзейных руках. А вось чалавечыя пачуцці і выбары застаюцца схаванымі ў тумане.
========== Там кучаравіліся лясы, там было відаць ледзь не кожную галінку – такое празрыстае было тут паветра. А ў катлавіне быў зялёны змрок, пранізаны туманна-залацістым водсветам заранкі. ========== – Чазенія, – сказала яна. – Адно з улюбёных маіх дрэў. Яна – рэлікт: дайшла з даледавіковага перыяду. У яе словах гучала нешта такое, што прымусіла яго да асаблівай увагі. – Чаму – "адно з улюбёных"? – Таму, што гэтае дрэва цяжка жыве. I мала жыве. Год восемдзесят. Укарэніцца на галькавых косах, на градах. Там, дзе нішто не можа расці. Першай з'яўляецца на новых наносах, нават на скамянелай лаве ля ручаёў. Дрэва-піянер. I вось расце, разбурае лаву, невядома адкуль смокча сокі, угнойвае лісцямі мёртвую глебу. А пасля, калі ўгноіць яе і сабой, на тое месца прыходзяць дрэвы іншых парод. Добрае дрэва! "Чазенія..." – з пяшчотай і чамусьці з трывогай падумаў ён. Цішыня. Захад. ==========
Кніга фармуе/замацоўвае правільны светапогляд. Ніхто не мае права адабраць у вас сапраўднае каханне. Толькі вы самі з'яўляецеся гаспадарамі свайго лёсу. Але за каханне неабходна змагацца, каханне трэба бараніць.
Чалавек - гаспадар на гэтым свеце. Ён у адказе за прыроду. Караткевіч вельмі дасканала апісвае прыроду таго краю. Месцамі ёсць адчуванне, што чытаеш фантастыку. Магчыма і ёсць нешта выдумленае, фантастычнае у тым свеце, які стварыў аўтар. Але я не бачу у гэтым нічога дрэннага.