У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман "Скокі смерці", у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэдневечных гадзіннікаў, аповесць "Ночы на Плябанскіх млынах", дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл "Старасвецкія міфы горада Б*", што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі.Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсть і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, сапр.: Людміла Іванаўна ШНІП (нар. 5 ліпеня 1965, Мінск) — беларуская паэтка, пісьменніца, літаратурны крытык.
Нарадзілася ў сям'і служачых. Жыве ў Мінску. Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Працавала ў канструктарскім бюро на ВА «Гарызонт». Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1986—1987), затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1994 годзе. Працавала ў газеце «Наша слова», часопісе «Першацвет». З 1996 працавала ў аддзеле крытыкі, з 2002 — рэдактар аддзела літаратуры штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер аглядальнік аддзела культуры газеты «Советская Белоруссия». Член СП СССР з 1990, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Першы верш надрукавала ў 1983 (газета «Знамя юности»). Аўтар зборнікаў «Крокі па старых лесвіцах» (паэзія, 1990), «Адукацыя» (паэзія, 1990), «Замак месячнага сяйва» (паэзія), «Старасвецкія міфы горада Б» (проза, 2002), кнігі казак для дзяцей «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (2000), аўтар аповесцяў «Дзеці Гамункулуса» (2000), «Сэрца мармуровага анёла» (2001), «Пярсцёнак апошняга імператара» (2002), «Ночы на Плябанскіх Млынах» (2007), раманаў «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), «Сутарэнні Ромула» (2010), драматычных паэм «Пасля Цэзара», «Першы запавет» і інш. Друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях.
У адрозненні ад іншых кніг Рублеўскай гэта падалася няроўнай. Вельмі розныя творы, моцна выбіваецца дзённік пісьменніцы. Здзіўляе, што адна з дзённікавых гісторый паўтараецца пазней у выглядзе мастацкага апавядання з новымі імёнамі персанажаў. Кніга была б лепш, калі б з яе зрабілі некалькі асобных, аб’яднаных тэматычна.