Слова «фрашка» ў сучасным значэнні — аднагодак незалежнай Беларусі. У 1991 годзе Сяргей Дубавец заснаваў інтэлектуальнае выданне «Наша Ніва» (1991–2000), якое на ідэі беларушчыны ядналася з аднайменнай газетай пачатку ХХ ст.
У рэдацыйнай працы Сяргей Дубавец, сярод іншага, прапанаваў словам «фрашка» называць кароткую літаратурную форму з дыяпазонам — ад замалёўкі да міні-апавядання. Вясёлую ці сумную, але заўсёды іранічную. «Фрашка» з XVI стагоддзя мела падобнае значэнне — толькі ў вершаванай форме і з ухілам у неабавязковасць: штосьці кшталту драбязы, гарэзлівасці, выбрыкаў.
Севярын Квяткоўскі праз абраны, нібыта выключна лёгкі, фармат фрашак раскрывае рысы эпохі станаўлення новага беларускага грамадства, дзе старая, савецкага ўзору, архаіка сутыкаецца з людзьмі новага мыслення — з новымі беларусамі, якія хочуць больш паветра, больш прасторы і больш беларускасці для сябе.
Упершыню я знайшоў гэтую кнігу (выданне 2007 года) у адной з мінскіх кавярняў (Лондан ці Стары Менск). Запомніў яе, бо пачуццё гумару было падобнае да газеты «Навінкі», з якой я вывучыў беларускую мову, але так і не змог знайсці кнiгу. Цяпер выйшла новае выданне, дапоўненае новымі творамі ў тым жа жанры (і ўкраінскім перакладам загалоўнага апавядання).