Янка Купала заслужана лічыцца не толькі вялікім паэтам, але і творцам будучыні беларускай нацыі. Паводле ягоных прароцтваў і азарэнняў склалася матрыца гістарычнага развіцця Беларусі, яе руху да дзяржаўнай незалежнасці. Беларусацэнтрызм — тое, чым прасякнута ўся творчасць паэта-прарока, які прадбачыў галоўныя падзеі і з’явы ХХ стагоддзя — крывавыя катаклізмы і войны, таталітарызм і выдаткі глабалізацыі.
Хто яны, «тутэйшыя» са знакамітай аднайменнай п’есы? Гэта мастацкі маркер беларусаў, якія адчулі сваю адметнасць, але не дайшлі да беларускасці. Галоўны купалаўскі «тутэйшы» Мікіта Зносак калісь марыў пра змяшанне моваў і этнасаў — і што ж, у эпоху глабалізацыі тое нібыта спраўджваецца…
На сённяшнія рэаліі пясняр глядзіць з той самай задуменнай, прыхаванаю ў вусах усмешкай: маўляў, усё мінецца.
Янка Купала (сапр. — Іван Дамінікавіч Луцэвіч; 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882 — 28 чэрвеня 1942) — клясык беларускае літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, заснавальнік (разам зь Я.Коласам) новае беларускае літаратуры і беларускае літаратурнае мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі і АН Украіны (1929). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік „Ад сэрца“.
Творчасьць Купалы прызнаецца за летапіс жыцьця беларускага народа, адбітак яго нацыянальнага характару і сьветаразуменьня. У сваіх сатырычных камэдыях „Паўлінка“ (1912) і „Тутэйшыя“ (1922), драмы „Раскіданае гняздо“ (1913) выявіў духоўную прыгажосьць і маральныя заганы розных сацыяльных супольнасьцяў беларускага грамадзтва, складаны гістарычны лёс народа і самабытнасць беларускае культуры. У раньняй паэзіі, блізкай да фальклёру сваёй вобразнасьцю, адлюстраваў цяжкую долю беларускага народу, адметныя рысы яго гістарычнага шляху і характару, сьветаўспрыманьня (зборнікі вершаў „Гусьляр“, 1910; „Шляхам жыцьця“, 1913; паэмы „Адвечная песьня“, 1908; „Сон на кургане“, 1910; „Магіла льва“, 1913) і інш