На працягу 2001—2003 гадоў Зянон Пазьняк вёў гутаркі з Шукелойцем, запісаныя ў форме ўспамінаў і разваг. Гэтыя запісы гутарак і склалі кніжку пра Антона Шукелойця, пра падзеі ў ягоным жыцьці, здарэньні, сьведкам якіх ён быў і пра якія распавёў у нясьпешнай гаворцы.
Шукелойць разважае пра падзеі 1930—1940-х гадоў, якія гэтак перакручаныя, сфальшаваныя і замоўчаныя. Ён быў назіральнікам і непасрэдным удзельнікам палітычных плыняў і падзеяў нядаўняй беларускай гісторыі. А гэта – перадваенная Вільня і яе ўнівэрсытэт, “Першыя саветы” (1939—1941) у Заходняй Беларусі, Менск пад нямецкай акупацыяй, дарога ў чужыну.
Многія сьведчаньні Шукелойця проста сэнсацыйныя ды прымушаюць задумацца пра праблему выбару нацыянальных дзеячоў ва ўмовах пэрманентнай акупацыі іхнай краіны рознымі таталітарнымі рэжымамі. Што лепей – ухіляцца ад усялякага супрацоўніцтва з гэтымі сіламі ці спрабаваць у такіх неспрыяльных варунках нешта рабіць дзеля сваёй Радзімы? Гэта пытаньне непазьбежна нараджаецца пры чытаньні кнігі.
Зянон Станіслававіч Пазьняк (нарадзіўся 24 красавіка 1944 году, в. Суботнікі Іўеўскага раёну, цяпер Беларусь) — беларускі палітык і грамадзкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і Мартыралёгу Беларусі, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, археоляг, мастацтвазнавец, празаік, паэт. Кандыдат мастацтвазнаўства (1981). Аўтар амаль сотні навуковых, палітычных і культураляґічных артыкулаў, выдаў звыш за дзясятак кніг і брашур.
Звыкла бачыць Зянона "на трыбуне": прамоўцам, экспертам, лектарам, а тут аўтар выступае ў іншай ролі - інтэрв'юера. Думаецца, у гэтым жанры спадар Зянон мог бы сапраўды зрабіць яшчэ больш карыснага, каб займаўся гэтым стала. І госьці, у яго век, былі сапраўдныя "селебрыці" - беларускія пісьменнікі, паэты, дзеячы, якія яшчэ жылі ў 80-ых ці 90-ых. Такіх Мікіта Мелказёраў ужо пры ўсім жаданьні не запросіць, а пачуць іх думкі было б вельмі каштоўна.
Гэта кніга дакладна будзе дарэчы ўсім, хто цікавіцца гісторыяй нашай эміграцыі, варункам беларускага жыцця і ў Заходняй Беларусі да Другой сусветнай, і потым, у Менску, у часы самой вайны. Добра, што гэтыя ўспаміны атрымалася сабраць, захаваць і выдаць асобнай кнігай.